НЕДАЛІКАТНЫ СЫН

Чытайце на смартфоне беларускую народную казку НЕДАЛІКАТНЫ СЫН.
Старонка казкі НЕДАЛІКАТНЫ СЫН на смартфоне Samsung.
Жыў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў.
— Кузьма,— крычыць сын на бацьку,— ідзі араць! Кузьма, загані свіней у хлеў!
Крыўдна бацьку, ды што зробіш: малога не перавучыў, а цяпер і рады не дасі.

Беларуская народная казка НЕДАЛІКАТНЫ СЫН на беларускай i рускай мовах.
Кніга забяспечана актыўным утрыманнем — пераход да любой казкі ў адзін дотык.
Загрузіць кнігу па спасылцы http://1.brest.by/book/НЕДАЛІКАТНЫ-СЫН-для-смартфона.pdf

ці http://1.brest.by/book/НЕДАЛІКАТНЫ-СЫН-для-планшэта.pdf

ці http://ge.tt/4zBkkNr?c

НЕДАЛІКАТНЫ СЫН

Жыў у аднаго чалавека сын. Вялікі ўжо вырас, а ніколі бацьку бацькам не назваў.

— Кузьма,— крычыць сын на бацьку,— ідзі араць! Кузьма, загані свіней у хлеў!

Крыўдна бацьку, ды што зробіш: малога не перавучыў, а цяпер і рады не дасі.

Смяюцца людзі з Кузьмовага сына.

— Дурань,— кажуць,— як гэта можна, каб бацьку не паважаць!

А яму хоць бы што: не слухае ні бацькі, ні людзей.

Аднаго разу паехаў Кузьма з сынам па сена. Наклалі вазы ды едуць дахаты: бацька на адным возе, сын — на другім.

Мінулі гладкую дарогу, уехалі ў лес. Тут пайшлі карчы ды выбоіны.

Злез бацька з сена, ідзе збоку, за возам наглядае, каб не абярнуўся. А сын ляжыць на сваім возе ды толькі камандуе:

— Кузьма, вунь яма — надтрымай воз! Кузьма, правядзі маю кабылу па ўзбочыне, а то кола за корч зачэпіцца!

Бегае бацька ад воза да воза, не можа ўправіцца. А сын толькі выскаляецца з яго:

— Маладзец, Кузьма! Добра стараешся.

Узлаваўся бацька і перастаў бегаць да сынавага воза.

У адным месцы сынаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся… Сын шлёпнуўся носам у гразь.

Устаў ён і лае бацьку:

— Бачыш, Кузьма, што ты нарабіў!

Паднялі воз і паехалі далей. Сын ужо і на сена не палез. Ідзе збоку ды ўсё бурчыць на бацьку.

Даехалі да крутога павароту. Бацька свой воз падпёр плячом і аб’ехаў паварот, а сын пашкадаваў сілы траціць. Воз перакуліўся і падмяў яго пад сябе.

— Кузьма! — крычыць сын з-пад сена.— Падымі воз!

Маўчыць бацька як вады ў рот набраўшы. Дастаў з кішэні капшук, закурыў люльку. «Паляжы ж там, калі ты такі разумны»,— думае бацька.

Клікаў, клікаў сын Кузьму, а той як аглух. Сыну ўжо і дыхаць цяжка. Напалохаўся ён, заенчыў не сваім голасам:

— Бацька, ратуй!

Зарадаваўся Кузьма, што сын нарэшце такі назваў яго бацькам. Падняў воз і кажа да сына, усміхаючыся:

— На свеце, брат, жывучы, усяго нажывеш — і Кузьму бацькам назавеш!

 

З таго часу і пайшла гэтая прыказка.